26 лістапада 2010 года адзначалася 80-годдзе з дня нараджэння вядомага пісьменніка, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча (1930-1984). Да гэтай знамянальнай даты чытальная зала гуманітарных навук арганізавала разгорнутую выставу літаратуры “Уладзімір Караткевіч: быў, ёсць і будзе “.
Творчая спадчына пісьменніка надзвычай яскравая і разнастайная. Таленавіты майстар выступаў як паэт і празаік, публіцыст і крытык, драматург і перакладчык.
У першым раздзеле выставы “На скрыжалях лёсу і гісторыі” прадстаўлена ўсё жанравае багацце твораў Караткевіча. У раздзел увайшлі аповесці і раманы, сярод якіх “Каласы пад сярпом тваім”, “Вока тайфуна” і інш., зборнікі вершаў, пераклады, эсэ. Прыкметнай з’явай у беларускай літаратуры стала і апошняя, пасмяротная кніга “Быў. Ёсць. Буду” (1986) таксама прадстаўленая на выставе.
Асоба аўтара і яго творчасць знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх крытычных творах, даследаваннях, успамінах калег і сяброў. Матэрыялы, што расказваюць пра асобныя факты біяграфіі пісьменніка і яго творчы шлях, уключаны ў другі раздзел “Слова пра майстра”.
Трэці раздзел “След таленту” – гэта ўвасабленне твораў Караткевіча ў кіно, тэатры, выяўленчым мастацтве, тэле- і радыёпастаноўках. Матэрыялы выставы – гэта не толькі кнігі, але і артыкулы з газет і часопiсаў,сцэнарыі і ілюстрацыі да прозы аўтара.
Выстава будзе экспанавацца ў чытальнай зале на працягу снежня гэтага года.
Тэл. для даведак: 23-21-23
Источник: http://brl.by